ХІВІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 16 — пач. 20 ст. на тэр. стараж. Харэзма, паўн. ч. Харасана і Туркменіі. Сталіцы — Вазір, Ургенч, Хіва. Узнікла ў 1512 пад уладай узб. хана Ільбарса. У 16—1-й пал. 18 ст. ў Х.х. ішла вострая міжусобная барацьба (улада была сканцэнтравана ў руках гал. саветнікаў ханаў — інакаў), адначасова вяліся войны з качэўнікамі-туркменамі і іншаземнымі заваёўнікамі. У 1740 ханства падпарадкаваў правіцель Ірана Надзір-шах. У 1763 да ўлады прыйшоў інак Мухамед Амін, пры якім адбылася ўнутрыпаліт. і эканам. стабілізацыя ханства. Яго ўнук Ільтузар [1804—06) у пач. 19 ст. абвясціў сябе ханам і заснаваў дынастыю Кунграт (правіла да канца існавання Х.х.). Найб. магутнасці Х.х. дасягнула пры хане Мухамедзе Рахіме [1806—25), які завяршыў яго аб’яднанне, правёў падатковую рэформу, падпарадкаваў суседнія ўладанні (аральскае, каракалпакаў і інш.). У 1840—60-я г. аднавіліся войны з Бухарскім эміратам і туркменамі, што прывяло да заняпаду дзяржавы. У 1873 Хіву занялі рус. войскі і Х.х. прызнала пратэктарат Расіі пры захаванні ўнутр. аўтаноміі. У пач. 20 ст. ў ханстве вырасла роля туркм. плямён на чале з Джунаідханам, які двойчы захопліваў у Х.х. ўладу (1916 і 1918), што зноў выклікала міжусобіцы. У пач. 1920 Чырв. Армія ўвайшла на тэр. Х.х. і прымусіла хана 2.2.1920 перадаць уладу рэўкому Харэзмскай народнай савецкай рэспублікі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)